Logo Polskiego Radia

Зьмяніліся паслы Беларусі адразу ў сямі краінах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.06.2016 13:36
Вялікія зьмены ў дыпляматычным корпусе: новыя паслы ва Ўкраіне, Бэльгіі, Бразыліі, Іране.
Будынак пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве.Будынак пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве.foto: www.polskieradio.pl

У адстаўку адпраўлены дуаен беларускага дыпляматычнага корпусу – Уладзімір Вялічка. 72-гадовы дыпламат узначальваў пасольства Беларусі ва Ўкраіне на працягу апошніх 15 гадоў. Да гэтага Вялічка адпрацаваў паслом у Латвіі, быў першым намесьнікам у МЗС, міністрам па справах СНД.

Новым паслом ва Ўкраіне стаў кіраўнік апарату Савета міністраў Ігар Сокал.

Першы намесьнік Уладзіміра Макея ў МЗС Аляксандр Міхневіч зойме месца пасла Беларусі ў Бэльгіі, Эўразьвязе, NATO. Міхневічу 63 гады, ён родам зь Менска.

Ранейшым паслом Беларусі ў Бэльгіі быў Аляксандр Еўдачэнка. Яго прызначылі першым намесьнікам міністра замежных справаў замест Міхневіча.

Вызвалены ад пасады пасла Беларусі ў Бразыліі Леанід Крупец. Новы амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Лацінскай Амэрыкі - Аляксандр Царкоўскі.

Міністар па мытным супрацоўніцтве Эўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір Гошын прызначаны паслом Беларусі ў В’етнаме.

Начальніка ўпраўленьня Афрыкі і Блізкага Ўсходу пры МЗС Беларусі Ігара Ляшчэню прызначылі новым паслом Беларусі ў Славакіі.

Зьнятая з пасады адна з двух жанчын, што зьяўляюцца паслам Беларусі за мяжой. Натальля Жылевіч больш не афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў Рэспубліцы Карэя, яе зьмяніў кадравы супрацоўнік МЗС Андрэй Папкоў.

Амбасадарам Беларусі ў Іране прызначаны Юрый Лазарчык, ён і раней працаваў у пасольстве ў Тэгеране, быў старшым дарадцам па палітычных і навукова-тэхнічных пытаньнях.

nn.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A About Us Contact Us