Logo Polskiego Radia

"Гамафобіі ў Беларусі стала менш"

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 11.10.2011 13:12
  • Гей-прайд.mp3
У Міжнародны дзень камін-аўту на пытаньні нашага радыё адказвае ініцыятар "Менскага гей-прайду".

Сёньня ў Менску адчыняецца “Гей –прайд”, двухтыднёвая грамадзкая акцыя, якая мае на мэце павялічыць у Беларусі цярпімасьць да геяў і лесьбіянак. У рамках акцыі адбудуцца кінапаказы, фотавыставы, дыскусіі, імпрэзы й нават вулічная акцыя.

У нас у гасьцях арганізатар Гей-прайду, старшыня праваабарончага праекту “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка.

Сяргей, праграма Вашай акцыі вельмі багатая, але ці магчыма без доступу да дзяржаўных СМІ альбо ўласных папулярных выданьняў ці парталаў, зрабіць беларусаў больш талерантнымі?

С. Андросенка: Канешне, нам нашмат складаней працаваць, чым у такіх гамафобных краінах, як Летува альбо Сэрбія. Але зь іншага боку, мы ўмела карыстаемся тымі інфармацыйнымі рэсурсамі, якія ў нас ёсьць. Я ўсьведамляю, што да сьвядомасьці ўсіх беларусаў мы пакуль не даб’емся, большасьць не даведаецца пра нашу акцыю. Але з кожным годам усё больш беларусаў ведае аб тым, што існуе ЛГБТ-рух. Я ежджу па рэгіёнах і бачу, што маладым геям і лесьбіянкам вельмі патрэбны такі публічны рух. Ці можам мы пераадолець гамафобію сярод беларусаў? Прынамсі мы пасьпяхова з гэтым спраўляемся сярод актыўнай грамадзянскай супольнасьці.

Ёсьць меркаваньне, што не зьмяніўшы ўладу ў Беларусі геі не даб’юцца павагі да сябе, бо сярод прыярэтытаў улады няма пункту “Талерантнасьць”.

С. Андросенка: Мы не імкнемся зараз да таго, каб прыйсьці да ўлады альбо зьмяніць яе. Безумоўна мы выступаем за тое, каб у краіне выконваліся правы чалавека. Як праваабаронцы, мы ведаем пра праблемы падчас выбарчай кампаніі, але як спэцыфічная арганізацыя тымі праблемамі мы займаемся ня вельмі актыўна.

Ток бок і пры гэтай уладзе можна зьмяніць стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці?

С. Андросенка: Улада – гэта ня наша мэтавая група. Мы не працуем зараз з уладай. Мы працуем зь беларускім грамадзтвам, з ЛГБТ-супольнасьцю, актыўнай грамадзянскай супольнасьцю, тымі людзьмі, якія ў будучым могуць прыйсьці да ўлады альбо людзьмі, якія зьяўляюцца стваральнікамі думак у сваім асяродзьдзі.

Я прачытаў у адным з вашых інтэрвію, што за апошні час стаўленьне да геяў і лесьбіянак у Беларусі сталася больш цярпімым. Што Вы маеце на ўвазе?

С. Андросенка: Гэта праяўляецца нават у колькасьці людзей, якія гатовыя прыйсьці на нашыя мерапрыемствы. Сёньня як раз адчыняецца “Гей-прайд” і на афішах можна было б напісаць, што 99% нашых наведнікаў – гэта гетэрасэксуалы. Яны хочуць больш даведацца пра правы ЛГБТ і пра іх праблемы альбо выказаць салідарнасьць. Гэта перамога апошніх гадоў.

Вы кажаце, што асноўная Ваша перашкода – гэта страх. Чаго баіцца гей у Беларусі?

С. Андросенка: Як раз у нашым праекце “ГейБеларусь” сабраліся тыя, хто не баяцца. Але большасьць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці хавае сваю ідэнтычнасьць. Часам на гэта няма аніякіх сур’ёзных падставаў. Я учора даслаў сябру праграму прайду, але ён адпісаў, што не можа пакуль пачытаць, бо баіцца на працы адчыняць сайт са словам гей.

Калі гэта асноўная праблема, то ня ўсё так кепска.

С. Андросенка: Але з такіх дробных гісторый складаюцца большыя. Напрыклад, нядаўна ў адным зь вясковых клюбаў забілі хлопца з-за таго, што ён выглядаў “як гей”. Ён не быў геям, але быў апрануты як стэрэатыпны гей. У Шабанах нядаўна зьбілі хлопца з-за таго, што ён хадзіў не так, “як трэба”. Гэта вынікае з гамафобных уяўленьняў аб тым, як паводзяць сябе геі. І калі ты не такі, як мы, то мусіш адказаць за свае паводзіны.

Сёньня Міжнародны дзень камінг-аўта, так званага выхаду геяў “з шафы”. Навошта іншым ведаць пра Вашу сэксуальную арыентацыю?

С. Андросенка: Сэксуальнае жыцьцё ніхто не выносіць. Але адкрываць свой лад жыцьця я лічу неабходным. Чалавек складаецца са шматлікіх фактараў і сэксуальнасьць – гэта вялікая й неад’емная частка. Сямейнае жыцьцё таксама вялікая частка. Для мяне асабіста хаваць свайго каханага чалавека – проста непрыстойна. Я б хацеў, каб у маёй сям’і ўсё было значна прасьцей. Дзякуючы адкрытасьці беларускае грамадзтва ўбачыць, што геі гэта ня толькі распуста, сэкс на вуліцах і стракатыя пёры. Мы нічым не адрозьніваемся ад рэшты беларусаў.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A About Us Contact Us